Стараста – галоўны чалавек у вёсцы, бо з’яўляецца даверанай асобай жыхароў, прадстаўніком іх інтарэсаў пры ўзаемадзеянні з мясцовай уладай. Дзякуючы арганізатарскім здольнасцям старасты, уменню камунікаваць, населены пункт можа дасягнуць асаблівых поспехаў.
Міхайлоўшчына – невялікая вёска з багатай гісторыяй і маляўнічай прыродай. Краявіды населенага пункта натхняюць і захапляюць. У вёсцы ўсяго толькі 58 двароў і 132 жыхары. Трапіўшы сюды, траціцца адчуванне часу. Здаецца, пераносішся ў іншую рэальнасць – размераную і ціхую. Ёсць у вёсцы і стараста, які адказвае за парадак, арганізоўвае працу, кантралюе многія моманты. Гэты абавязак ускладзены на плечы актыўнай мясцовай жыхаркі Наталлі Копач. Дом старасты – першы ў вёсцы. Каля дома пануюць чысціня і парадак – усюды бачна руплівая жаночая рука. Жанчына і падумаць не магла, што калі-небудзь будзе кіраваць працай у сваім населеным пункце, аднак і прадстаўнікі мясцовай улады, і аднавяскоўцы, заўважыўшы арганізатарскія здольнасці Наталлі, уменне кантактаваць з людзьмі, вырашылі па-іншаму. І не памыліліся.
Жыхары бачаць імкненне старасты і актыўна адгукаюцца на любую ініцыятыву. А сама жанчына – свая ў кожным доме. Наталля Барысаўна падтрымлівае цесную сувязь з сельсаветам. Такое ўзаемадзеянне дапамагае вырашаць пытанні аператыўна і хутка. Зусім нядаўна стараста арганізавала ўборку тэрыторыі каля помніка. Ініцыятыву падтрымалі мясцовыя жыхары. Узброіўшыся інструментамі, вяскоўцы ачышчалі тэрыторыю: высякалі кусты, прыбіралі смецце і апалае лісце. Аказаў дапамогу і сельсавет.
— Нашы людзі актыўна адгукаюцца на прапановы. Я жыву ў Міхайлоўшчыне пастаянна, таму бачу пэўныя недахопы. Пасля звяртаюся ў сельскі Савет — прадстаўнікі мясцовай улады заўсёды дапамагаюць вырашыць любое пытанне. Такая падтрымка проста неабходна.
У Міхайлоўшчыне многія дамы выкарыстоўваюцца ў якасці лецішчаў. Вёска прываблівае людзей і яны набываюць тут дамы, каб, адарваўшыся ад гарадскога шуму, пабыць на ўлонні прыроды, папрацаваць на гародзе, прагуляцца вясковымі вулкамі. Гэтыя людзі таксама актыўна ўдзельнічаюць у жыцці вёскі. Калі патрэбна дапамога, яны адгукаюцца, працуюць разам з мясцовымі жыхарамі, хоць і не жывуць у Міхайлоўшчыне пастаянна.
Сумесная праца збліжае людзей. Усе мы робім адну добрую справу на карысць роднай вёскі. Кожны гэта разумее, таму, напэўна, людзі і не адмаўляюць у дапамозе. Хачу сказаць, што нашы жыхары вельмі спагадлівыя. У Міхайлоўшчыне жывуць людзі розных інтарэсаў, узросту, аднак абыякавых няма. Радуе, што ёсць у вёсцы дзеці, хоць іх і не вельмі шмат. У Міхайлоўшчыне пражывае 18 чалавек да 15 гадоў. Гэта наша надзея і гонар. Пакуль ёсць дзеці, вёска развіваецца.
Наталля Копач з’яўляецца загадчыцай мясцовай бібліятэкі-клуба. Яна імкнецца зрабіць жыццё ў вёсцы больш дынамічным, цікавым, а людзей далучыць да культурнага адпачынку.
Стараста вёскі павінен быць актыўным, мець магчымасць кантактаваць заднавяскоўцамі, даносіць пэўную важную інфармацыю. У гэтым мне вельмі дапамагае праца. Яна дае магчымасць звярнуцца да кожнага. У нашым клубе часта праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі розных структур. Імкнуся запрашаць прадстаўнікоў праваахоўных органаў, сельсавета, медыкаў і пажарных. Пытанні бяспекі, здароўя, прафілактыка дрэнных звычак – кола пытанняў заўсёды шырокае. Вялікую ўвагу імкнуся ўдзяляць і культурнаму жыццю ў вёсцы: у клубе часта ладзяцца дыскатэкі, пазнавальныя мерапрыемствы, шматлікія акцыі. Вёска жыве да таго часу, пакуль там віруе культурнае жыццё.
Жанчына ўсім сэрцам палюбіла Міхайлоўшчыну, яе прыгожую прыроду і ўсмешлівых людзей. Наталля прыехала сюды з Віцебскай вобласці, калі ёй было сем год. Тут яна пайшла ў школу, тут прайшло дзяцінства і юнацтва.
— Я люблю Міхайлоўшчыну. Зараз людзі імкнуцца ў вялікія гарады, бачаць там для сябе пэўныя перспектывы. Мяне ніколі не вабіў вялікі горад. Вясковы размераны быт заўсёды прывабліваў і захапляў. У свой час я трымала дзве каровы, мела вялікую гаспадарку. Цяпер застаўся толькі сабака Перс, курачкі ды кошка. У мяне з’явілася больш вольнага часу для сябе. Алмазная вышыўка – любімы занятак. Кожную вольную хвіліну прысвячаю гэтай справе. Зараз далучыла да гэтага і старэйшую ўнучку Сафію.
Каляровыя матылькі, выявы жывёл і птушак, маляўнічыя пейзажы ўпрыгожваюць сцены дома Наталлі. І ўсё гэта зроблена яе руплівымі рукамі. Алмазнай вышыўцы жанчына прысвячае больш часу зімой, бо вясной і летам шмат іншых абавязкаў. Зараз жанчына займаецца перасадкай кветак, якіх у яе вялікая колькасць. Яшчэ адно захапленне гаспадыні – развядзенне пладовых дрэў. Кожнае дрэўца акуратна пабелена, дагледжана, а сухія галінкі абрэзаны.
— Вельмі часта набываю маладыя дрэўцы, каб парадаваць унукаў яблычкамі, вінаградам, слівамі. Я багатая бабуля, маю трое ўнукаў. Яны мой гонар і сэнс жыцця. Калі яны прыязджаюць да мяне, то імкнуся далучыць іх да працы. Унучка Сафія дапамагае з праполкай, яна вельмі старанная і акуратная дзяўчынка. Заўжды імкнецца дапамагчы. Далучаюцца да працы і хлапчукі. Прыезд унукаў для мяне з’яўляецца сапраўдным святам.
З надыходам вясны стараста вёскі абдумвае пытанні добраўпарадкавання тэрыторыі, раіцца з прадстаўнікамі мясцовай улады і жыхарамі і плануе пэўныя працы. Зусім хутка, дзякуючы яе намаганням, будзе заменены дах на аўтобусным прыпынку. Вырашыць пытанне дапаможа мясцовае ДЭУ.
Актыўную грамадскую пазіцыю старасты заўважае і сельсавет. За актыўны ўдзел у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння сельскі Савет узнагародзіў Наталлю Барысаўну Падзячным лістом.
Свет трымаецца на апантаных энтузіястах, якія, не шкадуючы часу, прыкладаюць усе сілы для развіцця сваёй краіны і роднай вёскі. Наталля Копач якраз з гэтай катэгорыі, бо яе руплівасць прыносіць багаты плён.
Источник: osh.by
26.04.2023